Абрад "ЦАРЫ Каляды" - аб'ект нематэрыальнай спадчыны UNESCO Цары Каляды — традыцыйны навагодні абрад у в. Семежава (Капыльскі р-н, Мін. вобл.) ў Беларусі. Святкуюць напярэдадні Новага года па юліянскім календары, у Шчодры вечар — з 13 на 14 студзеня. У 2009 годзе ўключаны ў спіс нематэрыальных культурных каштоўнасцей UNESCO, як аб'ект, якому неабходная тэрміновая абарона. 1) Гісторыя Лічыцца, што абрад «Цары Каляды» з'явіўся ў XVIII ст., калі недалёка ад вёскі стаялі раскватараваныя часці царскай расійскай арміі. Паводле мясцовага падання, у дні святкавання Новага года па старым стылі салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, здзяйсняючы вясёлы паказ, за што гаспадары адорвалі іх пачастункам. Пасля перадыслакацыі салдатаў у іншае месца традыцыю працягнулі мясцовыя маладыя людзі, якія апранаюцца ў касцюмы, што нагадваюць ваенную форму. Дадзеная папулярная версія была выказаная мясцовым былым настаўнікам Мікалаем Аляшкевічам (1924 г.н.), але спробы даследчыкаў па яе пацверджанні не далі станоўчых вынікаў. Шэраг тэатразнаўцаў выказвае думку, што семежаўскі абрад зарадзіўся задоўга да атраду расійскай арміі. Абрад праводзіўся да 1960-х гг. Пасля 40-гадовага перапынку быў адроджаны ў 1996 г. па ініцыятыве мясцовых жыхароў. У 2000-х гг. абрад выконваўся некалькімі групамі «цароў» адначасова. У кастрычніку 2009 г. абрад «Калядныя цары» рашэннем Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. UNESCO прызнала неабходнасць у абароне свята з-за перасялення актыўнага насельніцтва ў гарады і страце цікавасці з боку моладзі. 2) Апісанне абраду У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі, так званыя «цары», апранутыя ў спецыяльныя касцюмы. Касцюмы прадстаўляюць сабой белыя нагавіцы і кашулі. На грудзях кожнага цара крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам. На галаве — высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Цароў на свяце суправаджаюць камічныя персанажы Дзед (выконвае дзяўчына ў абарванай мужчынскай вопратцы) і Баба (выконвае хлапец). Працэсія цароў наведвае дамы вяскоўцаў і разыграе драму «Цар Максіміліян». Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома, якія шчодра адорваюць удзельнікаў абраду. З надыходам цемры «цары» запальваюць факелы, што надае дзеі незвычайную відовішчнасць.