Дзяўчына
Баляслаў Лесмян
Дванаццаць мраяроў-братоў мур напаткалі за туманам,
Няўцешны голас плакаў там, дзяўчыны голас занядбаны.
І пакахалі голас той яны і мару пра Дзяўчыну,
І вуснаў уяўлялі кшталт па тым, як спеў ад жалю гінуў…
Сказалі: “Плача – значыць ёсць!” І больш ужо не гаварылі.
Перажагналі цэлы свет – і свет задумаўся ў той хвілі…
У мур ударыў молат – і ўраз задрыжэў цагляны волат!
Не ведала сляпая ноч, хто чалавек з іх, а хто молат?
“Хутчэй мы скрышым цэглу, чым Дзяўчыну змые смерці хваля!” –
Так адзінаццаці братам казаў дванаццаты ў запале.
Ды марнай праца іх была і гарт цягліцаў быў дарэмны.
Спавіў іх целы сон, які за мурам панаваў нядрэмна!
Трухлеюць косці, тлее ўсё, бляднее твар, пусцеюць вочы…
І ўсе памёрлі ў адзін дзень, узятыя адною Ноччу!
Ды, стаўшы ценямі, яны трымалі молаты ў далонях!
І толькі іншы час плыве – і іншым звонам молат звоніць.
І звоніць ён і ўзвыш і ўздоўж! І разганяе вечны холад,
Не ведала сляпая ноч, дзе цень няісны, а дзе молат.
“Хутчэй мы скрышым цэглу, чым Дзяўчыну змые смерці хваля!” –
Так цень дванаццаты казаў астатнім ценям у запале.
Ды не хапіла ценям сіл, а цемрам цень не замінае!
І паўміралі яшчэ раз, бо ўсякі шмат разоў канае…
Хто прагне назусім сканаць, той скон такі сабе не знойдзе!
І знік іх след! І згінуў сэнс! Аповесць скончана – і годзе!
Ды молаты – о, Божа мой! – не паддаліся таму жалю!
І ў мур грымелі самахоць, і меддзю звонкаю гучалі!
Ад поту мокрыя, свой звон, свой стук раскідвалі наўкола.
Не ведала сляпая ноч, дзе молат, а дзе ўжо не молат?
“Хутчэй мы скрышым цэглу, чым Дзяўчыну змые смерці хваля!” –
Так усім молатам-братам казаў дванаццаты ў запале.
І рынуў мур – і скалануў грымотным водгуллем даліны!
А па-за мурам не было ніякай сплаканай Дзяўчыны!
Нічога – толькі жаль, і плач, і страта, і цямрэча цішы!
О бедны свет! Нядобры свет! Чаму не можаш быць ты іншы?
З прычыны здрады зманных сноў і цудаў, што не сталі явай,
Палеглі молаты на дол у знак завершанае справы.
І быў жах цішы. І пустэль у небе! А ты ў той пустэлі
Чаму дрыжыш, калі яна яшчэ не цміцца ў тваім целе?